Aдбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў гістарычнага конкурсу для моладзі

14 чэрвеня 2018 года ў мемарыяльным Музеі-майстэрні Заіра Азгура адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў гістарычнага конкурсу для моладзі «Па-за кадрам: ад гісторыі сямі да гісторыі супольнасці».

Сярод дасланых на конкурс 98 работ журы адзначыла спецыяльнымі дыпломамі і ўзнагародамі 18 работ, якія былі падрыхтаваны 23 удзельнікамі і ўдзельніцамі з Брэста, Відзаў, Віцебска, Германавіч, Кіраўска, Кобрына, Ліды, Магілёва, Мінску, Мірнага, Нарачы, Оршы, Ружан і Узды.

 Акрамя дыпломаў і памятных прызоў 4 пераможцы,  якія занялі першыя месцы ў намінацыях лепшае эсэ і лепшыя прэзентаціі сярод школьнікаў і моладзі, атрымалі запрашэнне да ўдзелу ў саміце юных гісторыкаў з розных краін свету, што адбудзецца пры падтрымцы EUSTORY 14-19 лістапада 2018 г. у Берліне.  

Фокусам конкурсу сталі малавывучаныя старонкі беларускай гісторыі другой паловы ХХ стагоддзя (1945-1991 гг.): гісторыя рэчаў і падзей, чалавечых лёсаў і адносін, іх узаемасувязь з жыццём краіны і грамадства. Асноўнай умовай удзелу ў праекце з’яўлялася выкарыстанне фотаздымкаў, зробленых у другой палове ХХ стагоддзя, а таксама інтэрв’ю з відавочцам адлюстраваных на фота падзей і з’яў. Тэматыка работ пераможцаў атрымалася даволі шырокай: магчымасці дадатковай адукаціі ў савецкі час, мясцовыя традыціі і урачыстасці,  традыцыі талакі, невядомыя падзеі, побыт і паўсядзённае жыцця простага чалавека. Са спісам перможцаў можна пазнаёміцца тут.

Як адзначыла ва ўступнай прамове спадарыня Аня Лютэр, намесніца Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь падтрымка ініцыятыў па заахвочванню моладзі да гістарычных даследванняў і асабістага вопыту апрацоўкі розных гістарычных крыніц з’яўляецца важным ўнёскам ў пабудову мірнай і ўстойлівай будучыні.

З вітальнымі словамі да лаурэатаў і іх куратараў таксама выступілі начальніца аддзела Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Пеўзнер і намеснік старшыні  МГА “Гісторыка” Андрэй Мастыка. На думку Каці Фаўзэр, праграмнага дырэктара міжнароднай сеткі EUSTORY, што падтрымліваецца Фундацыяй Кёрбера, арганізацыя і правядзенне гістарычных конкурсаў сярод моладзі з’яўляецца дзейсным інструментам папулярызацыі гістарычных ведаў. Дзякуючы намаганням розных арганізацый на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў Беларусі было арганізавана 8 конкурсаў гістарычных работ па розных тэматыках. Назапашаны вопыт можа стаць падставай для распрацоўкі агульнанацыянальнага падыходу да правядзення гістарычных конкурсаў.


У межах цырымоніі прагучаў і асабісты погляд на вынікі конкурсу. “Мая перамога стане лепшым падарункам дзядулі, старонкі біяграфіі якога сталі прадметам майго даследвання”- адзначыў Павел Булаты, аспірант Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.  Сваім позіркам на вынікі конкурсу падзяліліся таксама прадстаўнікі журы, у склад якога ўвайшлі гісторыкі Аляксей Братачкін і Андрэй Мастыка, педагог Вольга Пеўзнер, прадстаўнік СМІ Уладзімір Пучынскі, а таксама намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алена Грыневіч і прадстаўнік арганізатараў конкурсу Галіна Верамейчык, кіраўнік Прадстаўніцтва DVV International ў Рэспубліцы Беларусь.


15 чэрвеня ўрачыстасці працягнуліся семінарам для куратараў работ пераможцаў і прадстаўнікоў Інстытутаў развіцця адукацыі, з якімі адбывалася шчыльнае супрацоўніцтва ў межах конкурсу. Для непасрэдных лаўрэатаў конкурсу ў музеі былі арганізаваны майстар-класы па лепцы. Заключным і надзвычай цікавым момантам урачыстасцей стала калектыўная экскурсія ў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў у Дзяржынск.


Конкурс «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці» проводіўся Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochshul-Verband e.V» (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь у супрацоўніцтве з МГА «Гісторыка» у рамках праекту «Конкурсы па гісторыі ў Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіне» пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі. Праект скіраваны на аказанне садзейнічання ў развіцці гістарычных конкурсаў у Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне, а таксама на стымуляванне міжнароднага супрацоўніцтва па дадзеным пытанні і рэалізуецца DVV International і Фондам імя Кёрбера ў партнёрстве з міжнароднай сеткай EUSTORY і мясцовамі арганізацыямі.

Дадатковую інфармацыю пра праект і мерапрыемства можна атрымаць па тэл .: +375 (29) 171 93 97 (Марына Малініна), +375 (29) 852 13 18 (Канстанцін Антaновіч) або электроннай пошце malinina@dvv-international.by

ВЫ ПАКІДАЕЦЕ САЙТ DVV INTERNATIONAL
Важная заўвага: калі вы пройдзеце па гэтай спасылцы, вы пакінеце сайт DVV International. DVV International не валодае правамі на вэбсайты трэціх асоб, даступныя па спасылках, і не нясе адказнасці за іх змест. DVV International не мае ніякага ўплыву на тое, якія персанальныя дадзеныя будуць апрацоўвацца на гэтым сайце. Дадатковую інфармацыю можна знайсці ў дэкларацыі пра абарону дадзеных правайдара на вонкавым вэбсайце.