Лынтупскі культурны цэнтр: раней носьбітам ведаў былі ўстановы адукацыі, цяпер кожны чалавек можа прапаноўваць свае веды іншым

Практычна ва ўсіх сябраў каманды Лынтупскага культурнага цэнтра Культыватар ёсць дамы ў Лынтупах. Ідэя цэнтра ўзнікла спантанна, спачатку з асабістай патрэбы пляцоўкі для культурнага ўзаемадзеяння.

Ужо другі год цэнтр аб'ядноўвае мінчукоў, якія прыязджаюць на лецішча, мясцовых жыхароў і гасцей гэтых месцаў у рамках сумеснага праекта з DVV International in Belarus. Мастачка Дарыя Мандзік, а па сумяшчальніцтве і smm-менеджэрка Культыватар, знаёміць нас з гісторыяй месца і захопленнымі ім людзьмі.

DVV: Што вас прывяло ў тэму адукацыі дарослых?

Дар'я: Культыватар узнік досыць спантана як адказ на патрэбу ў пляцоўцы для культурнага ўзаемадзеяння. Ягоная канцэпцыя працягвае трансфармавацца і вымалёўвацца, і паколькі у першую чаргу Культыватар - гэта людзі, тэмы вырастаюць з нашых кампетэнцый.

Адукацыей для дарослых мы займаемся другі год, і гэтая актуальная тэма аб’ядноўвае і нашыя рознакірункавыя цікавасці, і супадае з мэтай Культыватара як сельскага культурнага цэнтра.

DVV: Хто ўваходзіць у каманду праекта, чым займаецца па жыцці і ў праекце?

Дар'я: Каманда складаецца з 6 сябраў праўлення і з дзесятка актыўных калегаў спецыялістаў у розных галінах. У асноўнай камандзе архітэктары-рэстаўратары Вадзім Гліннік і Раман Забела, эколагі Ірына Сухій і Інна Жызнеўская, арт-дырэктар і культурны мэнаджар Ядвіга Лукашык і мастачка Дар’я Мандзік.

Каардынатарка праекта па адукацыі для дарослых - Ірына Белая. Амаль усе мы маем дамы недалёка ад Лынтупаў, хтось там жыве пастаянна, хтось прыязджае на нейкі час.

DVV: Самы вялікі выклік цэнтра, з якім даводзілася сутыкацца на дадзены момант?

Дар'я: Гэта, пэўна, дылема выхада цэнтра на самаакупляльнасць. З аднаго боку, каб быць устойлівым, Культыватар мае зарабляць на сваю дзейнасць. З іншага боку, плацежаздольнасць мясцовых не вялікая, што робіць нашыя платныя заняткі не дасяжныя камусь з тых, каму яны адрасаваныя. Таму мы спрабуем балансаваць паміж платнымі і бясплатнымі мерапрыемствамі. Дзякуючы падтрымцы партнёраў, DVV International, мы маем мажлівасць праводзіць па некалькі бясплатных курсаў вось ужо трэці год.

DVV: Самае вялікае дасягнення праекта і вашай каманды?

Дар'я: Складана вылучыць адно дасягненне. Хутчэй, кожнае мерапрыемства ці праект становяцца нашым дасягненням у пэўнай сферы: у цікавасці тэмы, ва ўдзельніках, у супрацы з партнёрамі і дзяржаўным сектарам, у размаху мерапрыемства, у іміджы, у радасці ці пераадоленых складанасцях. Карацей, відаць, нашае дасягненне тое, што Культыватар жыве і развіваецца, планы грувасцяцца, будынак рамантуецца.

Даведка. Для ажыццяўлення ўсіх мэтаў каманда выкупіла на аўкцыёне цагляны будынак канца 19 стагоддзя. Калісьці тут быў суд, потым - афіцэрскае казіно часоў Першай сусветнай вайны, пазней - школа. Будынак патрабуе сур'ёзнага рамонту і рэстаўрацыі, якая зараз ідзе.

DVV: Як вы думаеце, наколькі дзейнасць, якой вы займаецеся, запатрабавана ў Лынтупах - уласныя назірання і зыходзячы ўжо з вопыту работы?

Дар'я: Любая не дурная актыўнасць у малых месцах адназначна запатрабаваная. У Лынтупах, як і ў большасці мястэчак, асабліва няма канкурэнцыі ў сферы культуры. Таму, людзі ўсім цікавяцца, удзельнічаюць, прыязждаюць з суседніх вёсак. Mы імкнемся ладзіць такія мерапрыемствы, на якія нам самім, звыклым да мінскай разнастайнасці, было б цікава трапіць.

DVV: Маглі б вы вылучыць нейкія трэнды ў развіцці адукацыі дарослых ва ўсім свеце, якіх прытрымліваецеся самі або якія лічыце важнымі?

Дар'я: Складана аналізаваць сусветныя трэнды, але на наш погляд гэта:

  • пажыццёвая адукацыя: звычка адукавацца, развівацца, вучыцца новаму ў незалежнасці ад узросту.
  • даступнасць: маючы смартфон з інтэрнэтам і пераадолеўшы бар’ер тэхнічнай неадукааванасці любы чалавек можа атрымліваць адукацыю анлайн.
  • дэцэнтралізацыя адукацыі: раней носьбітам ведаў былі ўстановы адукацыі, цяпер кожны чалавек можа прапаноўваць свае веды іншым.
  • камьюніці-адукацыя: у інтэрнэце можна знайсці супольнасці з агульнымі цікавасцямі, унутры якіх ідзе пастаянны абмен інфармацыяй і досведам за кошт актыўнасці ўсіх удзельнікаў.
  • бязмежнасць: выхад адукацыі па-за межы дзяржаўных ўстановаў, і па-за межы краінаў і кантынентаў.
  • разнастайнасць: і правайдэраў адукацыі, і спосабаў падачы, і накірункаў.

DVV: Ці змяніліся неяк планы на гэты год у сувязі з каронакрызісам?

Дар'я: Так, на жаль, нам прыйшлося адмяніць фестываль керамікі ДЫM, які меў быць летам. На гэты год ў нас запланаваныя таксама адукацыйныя курсы і мерапрыемствы па кераміцы, архітэктуры і дызайну, садоўніцтву, кухні і здароваму ладу жыцця.

З-за пандэміі мы пасунулі іх на канец лета і восень. Таксама рыхтуем план Б па правядзенні іх анлайн, калі сітуацыя не палепшыцца. Але многія практычныя моманты згубяцца ва анлайн фармаце, таму вельмі спадзяемся, што атрымаецца бяспечна правесці заняткі ўжывую.

ВЫ ПАКІДАЕЦЕ САЙТ DVV INTERNATIONAL
Важная заўвага: калі вы пройдзеце па гэтай спасылцы, вы пакінеце сайт DVV International. DVV International не валодае правамі на вэбсайты трэціх асоб, даступныя па спасылках, і не нясе адказнасці за іх змест. DVV International не мае ніякага ўплыву на тое, якія персанальныя дадзеныя будуць апрацоўвацца на гэтым сайце. Дадатковую інфармацыю можна знайсці ў дэкларацыі пра абарону дадзеных правайдара на вонкавым вэбсайце.