У Берліне стартавала XIV Канферэнцыя па адукацыі дарослых

9-10 чэрвеня 2016 г. у Берлінскім міжнародным кангрэс-цэнтры праходзіць XIV Канферэнцыя па адукацыі дарослых (Volkshochschultag 2016). Канферэнцыі па адукацыі дарослых праводзяцца ў Германіі адзін раз у 5 гадоў з мэтай дэманстрацыі значэння дадатковай адукацыі дарослых і ўкладу народных універсітэтаў у развіццё дадзенай сферы. Арганізатарам канферэнцыі выступае Нямецкая асацыяцыя народных універсітэтаў (DVV), якая мае прадстаўніцтвы ў больш чым 30 краінах свету.

У 2016 г. удзел у канферэнцыі прымаюць каля 1500 спецыялістаў, занятых у сферы навукі, дадатковай адукацыі, бізнесу і палітыкі, у тым ліку прадстаўнікі больш чым 900 народных універсітэтаў - правайдэраў дадатковай адукацыі дарослых, якія дзейнічаюць у цяперашні час у Германіі, а таксама спецыялісты DVV International і прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый з усяго свету. Удзельнічае ў канферэнцыі і дэлегацыя з Беларусі: Глава Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб'яднання "Deutscher Volkshochschul-Verband e.V." (ФРГ) у РБ Галіна Верамейчык, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук і дырэктар Гомельскага абласнога грамадскага аб'яднання "Сацыяльныя праекты" Ніна Кекух.

У гэтым годзе дэвіз канферэнцыі - "Дыгітальны ўдзел для ўсіх!". Праграма канферэнцыі прысвечана пытанням змены рынкаў працы пад уплывам развіцця інфармацыйна-камп'ютэрных тэхналогій, а таксама найбольш актуальным аспектам інфармацыйнай няроўнасці - абмежавання магчымасцяў асобных сацыяльных груп з-за адсутнасці ў іх доступу да сучасных сродкаў камунікацыі. У рамках канферэнцыі праходзіць Кірмаш дадатковай адукацыі, прадстаўлены даклады экспертаў, а таксама арганізавана работа розных секцый (форумаў і лабараторый).

Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны шматлікія эксперты, у тым ліку публіцыст Анке Домшайт-Берг, член праўлення Фонду Бертэльсманна д-р Ёрг Дрэгер, дырэктар Федэральнага інстытута прафесійнай адукацыі Германіі прафесар Фрыдрых Эсер і многія іншыя эксперты. У рамках цырымоніі адкрыцця канферэнцыі прывітальнае слова сказалі прэзідэнт Германіі Ёахім Гаўк і міністр адукацыі і навуковых даследаванняў Германіі Ёхана Ванка.