Вучымся і ствараем: трэнінг па крэатыўнай эканоміцы прайшоў у Віцебску

23-24 лістапада 2017 года на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта адбыўся трэнінг  «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі» у рамках аднайменнай праграмы, якая рэалізуецца Прадстаўніцтвам Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Рэспубліцы Беларусь у супрацоўніцтве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы, Асацыяцыяй бізнес-адукацыі і асветніцкай установай «Сацыяльныя інтэрвенцыі».

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовага бізнесу, грамадскіх арганізацый, а таксама ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Вядучымі трэнінга выступілі прадстаўнікі арганізацый-членаў партнёрскага кансорцыума: Алена Лугаўцова, менеджэр праектаў Асацыяцыі бізнес-адукацыі, Андрэй Ляўко, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы і Дзяніс Буткевіч, дырэктар асветніцкай установы «Сацыяльныя інтэрвенцыі».

Пад час трэнінга ўдзельнікі пазнаёміліся з рознымі падыходамі да разумення крэатыўнай эканомікі і ролі адукацыі ў яе развіцці, вывучылі асноўныя элементы творчых індустрый, а таксама абмеркавалі выклікі і кампетэнтнасці, якія вызначаюць паспяховасць прадпрымальніка.

Пазнаёміўшыся з замежным досведам стварэння крэатыўнага бізнесу ў фармаце TED-лекцыі, удзельнікі сфармулявалі «чарнавыя» ідэі для магчымых бізнес-праектаў. Прысутным быў таксама прадстаўлены праект палажэння аб конкурсе стартапаў - наступнага мерапрыемства ў рамках праграмы «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі», па выніках якога будзе падтрымана па 2 ініцыятывы ў пілотных гарадах - Віцебску і Гомелі.

Удзельнікі працягнулі працу над сваімі ідэямі ў малых групах і паспрабавалі сфармуляваць мэты і задачы сваіх праектаў, вызначыць мэтавую групу, спрагназаваць неабходныя рэсурсы і апісаць этапы рэалізацыі праекта. Магчыма, некаторыя з агучаных ідэй пасля лягуць у аснову заявак на рэалізацыю бізнес-праектаў у рамках конкурса стартапаў, які будзе абвешчаны ў бліжэйшы час.

Трэнінг быў арганізаваны ў рамках праграмы «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі», якая рэалізуецца ў 2017-2018 гг. у Віцебску і Гомелі і накіравана на садзейнічанне рэалізацыі абласных стратэгій устойлівага развіцця на 2016-2025 гг. пры дапамозе развіцця міжсектарнага супрацоўніцтва, а таксама прасоўвання ідэй крэатыўнай эканомікі і канцэпцыі «горад, які навучаецца» сярод прадстаўнікоў мясцовай улады, устаноў адукацыі, бізнесу і грамадзянскай супольнасці.

Больш падрабязную інфармацыю аб праграме можна атрымаць па тэлефонах +375 17 207 98 35, +375 29 171 93 97, +375 29 257 43 97 ці электроннай пошце pristrom@dvv-international.by (Наталля Прыстром, менеджэр праграмы «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі»).