Спыненне дзейнасці Прадстаўніцтва DVV International у Беларусі

11 жніўня Прадстаўніцтва DVV International у Рэспубліцы Беларусь адзначае свой дзень народзінаў. Сёлета нам магло б споўніцца 12 гадоў.

Мы маглі б прымаць віншаванні, але падзеі складаюцца інакш: мы атрымалі адмову ў працягненні дазволу на дзейнасць і змушаны пачаць працэс закрыцця Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб'яднання "Deutscher Volkshochschul-Verband e.V." (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.

На працягу 12 гадоў нашыя намаганні былі скіраваны на развіццё сферы дадатковай адукацыі дарослых у Беларусі. Мы адстойвалі права на адукацыю для розных мэтавых груп, казалі пра тое, што адукацыя дарослых – гэта карысць для грамадства, прасоўвалі ідэі супольнасцяў і гарадоў, якія навучаюцца, падтрымлівалі цэнтры адукацыі дарослых, дапамагалі ажыццяўляць міні-праекты ў гарадах і вёсках, супрацоўнічалі з арганізацыямі з дзяржаўнага і грамадскага сектара.

Разам з партнёрамі мы рэалізавалі 15 буйных праектаў і аказалі падтрымку шмат якім маленькім праектным ініцыятывам. Мы правялі і падтрымалі каля 1 000 мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі больш за 30 000 чалавек. Мы прыцягнулі ў краіну каля чатырох мільёны еўра.

Мы працавалі з людзьмі сталага ўзросту, сельскімі жыхарамі, асуджаныя і вызваленыя, адукатарамі і андрагогамі, людзьмі з інваліднасцю і шмат з кім іншым. Мы хацелі, каб усе яны мелі магчымасць атрымліваць прафесійную і дадатковую, фармальную і нефармальную адукацыю.

Мы расказвалі вам пра нашых партнёраў і сваю працу (вы ўсё яшчэ можаце прачытаць інтэрв'ю на нашым сайце); праводзілі трэнінгі, форумы, фэсты нефармальнай адукацыі; мы радаваліся кожнаму зарэгістраванаму праекту і кожнаму новаму курсу ад нашых партнёраў; падтрымлівалі адзін аднаго падчас пандэміі і шукалі новыя фарматы; вучылі і вучыліся новаму – з нашымі партнёрамі і ў нашых удзельнікаў; з нецярпеннем чакалі кожнай «летняй акадэміі» і потым з цяплом успаміналі іх; да апошняга верылі – і працягваем верыць! – што адукацыю выратуе свет.

Мы выпусцілі больш за 50 публікацыяў і атрымалі сотні гістарычных эсэ ад школьнікаў і студэнтаў з розных куткоў Беларусі. Пры нашай падтрымцы ў асуджаных з'явілася магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў месцах пазбаўлення волі, а горад Віцебск уступіў у Глабальную сетку ЮНЕСКА гарадоў, якія навучаюцца.

У нас было яшчэ шмат планаў і ідэй.

Мы спадзяёмся, што гэта не развітанне, а нядоўгая разлука, і што мы станем яшчэ мацней і лепш за час змушанага растання. І, вядома ж, з намі назаўжды застанецца адукацыя для кожнага, ва ўсім свеце, на працягу жыцця.

Cookie-Settings
ВЫ ПАКІДАЕЦЕ САЙТ DVV INTERNATIONAL
Важная заўвага: калі вы пройдзеце па гэтай спасылцы, вы пакінеце сайт DVV International. DVV International не валодае правамі на вэбсайты трэціх асоб, даступныя па спасылках, і не нясе адказнасці за іх змест. DVV International не мае ніякага ўплыву на тое, якія персанальныя дадзеныя будуць апрацоўвацца на гэтым сайце. Дадатковую інфармацыю можна знайсці ў дэкларацыі пра абарону дадзеных правайдара на вонкавым вэбсайце.