Віцебск зрабіў першы крок на шляху да “горада, які навучаецца”

31 жніўня 2017 года на базе Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта адбыўся стартавы круглы стол у межах сумеснай праграмы «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі», якая рэалізуецца Прадстаўніцтвам (DVV International Belarus) ў супрацоўніцтве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы, Асацыяцыяй бізнес-адукацыі і асветніцкай установай «Сацыяльныя інтэрвенцыі» пры падтрымцы мясцовых уладаў.

 

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, дзяржаўных і прыватных адукацыйных устаноў, бізнесу і грамадскіх арганізацый. З прывітальным словам удзельнікам выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Аляксандраўна Старынская, намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Падгурскі Пётр Мікалаевіч і Глава Прадстаўніцтва Верамейчык Галіна Ўладзіміраўна.

Падчас круглага стала арганізатары прадставілі прысутным рэтраспектыву дзейнасці Прадстаўніцтва і партнёраў у г.Віцебск і распавялі пра асноўныя прынцыпы канцэпцый “горад, які навучаецца” і крэатыўная эканоміка. У другой частцы мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі магчымасць уступлення горада ў Глабальную сетку ЮНЕСКА гарадоў, якія навучаюцца. У выніку дыскусіі была сфарміравана рабочая група, якая будзе займацца распрацоўкай плана ўкаранення канцэпцыі горад, які навучаецца” у Віцебску і - у перспектыве - падрыхтоўкай дакументаў на ўступленне горада ў Глабальную сетку.

Творчую нотку ў праграму мерапрыемства ўнесла прэзентацыя дзейнасці турыстычнага салона «Ілва» як яркага прыкладу крэатыўнай эканомікі ў дзеянні: прысутным паказалі традыцыйнае лялечнае прадстаўленне (батлейку) пра гісторыю стварэння горада Віцебск і відэа, прысвечанае жыццю і творчасці знакамітага віцебчука Марка Шагала.

Праграма «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі» з'яўляецца лагічным працягам праекта «<link be belarus praekty rehgijon-jaki-navuchaecca-adukacyja-dlja-usikh-pakalennjau>Рэгіён, які навучаецца: адукацыя для ўсіх пакаленняў», рэалізаванага ў 2012-2014 гг. у рамках 6 этапу Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі. Далейшае абмеркаванне перспектыў ўступлення г.Віцебск ў Глабальную сетку ЮНЕСКА гарадоў, якія навучаюцца, адбудзецца ў рамках міжнароднай канферэнцыі «Горад, які навучаецца, для крэатыўнай эканомікі» у г. Мінск, 5-6 кастрычніка 2017 года.